РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,

навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.

Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.

На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац. АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.

А.​У.​Чысцік.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)